ДЫСІПАТЫ́ЎНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

механічныя сістэмы, поўная энергія якіх (сума кінетычнай і патэнцыяльнай энергій) у працэсе руху памяншаецца, пераходзячы ў інш. віды энергіі, напр. ва ўнутр. энергію — цеплату (гл. Дысіпацыя). Д.с. з’яўляецца кожнае цела ці сістэма цел, што рухаюцца ў рэальным асяроддзі пры наяўнасці сіл трэння, супраціўлення ці вязкасці.

Паняцце «Д.с.» выкарыстоўваецца ў фізіцы і ў дачыненні да немех. сістэм у выпадках, калі энергія ўпарадкаванага працэсу пераходзіць у энергію неўпарадкаванага працэсу, у рэшце рэшт — у энергію хаатычнага (цеплавога) руху малекул. Напр., вагальны контур, у якім адбываюцца затухальныя ваганні з-за наяўнасці амічнага (актыўнага) супраціўлення, з’яўляецца таксама Д.с.; у гэтым выпадку эл. энергія ўпарадкаванага руху электронаў пераходзіць у т. зв. джоўлеву цеплату.

А.І.Болсун.

т. 6, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)